Таннае золата (на белорусском)
Валянціна Кадзетава
ТАННАЕ ЗОЛАТА
Аповесць
Пушыстыя зайчыкі, пацешныя малпы, царэўны-жабы ў “залатых” каронах – усё па-святочнаму яркае, заманліва прыгожае.
Некалі, вельмі-вельмі даўно, яшчэ ў тым жыцці, я заўжды, калі прыязджала ў горад, абавязкова хоць на хвіліначку забягала сюды, у чароўнае каралеўства, над уваходам у якое вялікімі вясёлымі літарамі было напісана: “Рынак футравых цацак”.
Аднойчы я ўбачыла тут дзіўнае медзведзяня: яно – адно-адзінае на ўсім рынку – было не звычайнага карычневага, а пяшчотна-бэзавага колеру. Мне здалося, што яму няўтульна і сумна з-за сваёй непадобнасці да іншых мішак, і я купіла яго. Вось і цяпер знайсці б што-небудзь такое ж кранальна-мілае для маёй дачушкі Надзейкі.
Кожны раз, калі я ўзіраюся ў смуглявы Надзейкін тварык з чорнымі вачанятамі і ярка-ружовымі пялёсткамі – вуснамі, бясконцае, як Сусвет, пяшчота перапаўняе мяне, і я – у каторы раз – радуюся, што засталася вернай сабе, не паслухала парад-угавораў шматлікіх маіх “зычліўцаў” пазбавіцца ад “чужаземнага плоду”.
“Ды гэта ж маё роднае, мая часцінка”, – адказвала я, а сэрца разрывалася ад пакутлівых сумненняў: ці даруе мне Бог мой ненаўмысны, але вялікі грэх? Я ж нават не магу пэўна сказаць, хто ён, бацька майго будучага дзіцяці і якім маё дзіцятка народзіцца.
На шчасце, Надзейка з’явілася на свет здаровенькай і прыгожанькай. Зрэшты, усім бацькам іхнія дзеці здаюцца самымі прыгожымі. Адно засмучае: нашы пасялковыя дасціпнікі паспелі ўжо даць маёй малышцы мянушку з вельмі крыўдным для мяне падтэкстам. Мне, вядома, гэта вельмі непрыемна, але я не даю выгляду і спадзяюся, што з часам тая мянушка забудзецца.
Заўтра ў Надзейкі дзень нараджэння, і я выбіраю ёй падарунак. Нічога, падобнага да таго пяшчотна-бэзавага медзведзяняці, я так і не знайшла.
Можа, купіць вось гэтага беленькага калматага сабачку? Не, лепш коніка на гушкалцы. Ці можа… А гэта што? Ды што ж гэта?!. Няўжо зноў?!. Я заплюшчваю вочы. Ядавіта-зялёнае, шыракаротае, з лейкамі-вушамі вычварнае стварэнне – цацка-вырадак, мутант, народжаны нечай хворай фантазіяй, зноў матляецца над маім закінутым да хрусту ў пазванках тварам з перасохлымі ад страху вуснамі, і я зноў сцінаюся ў чаканні першага, пакуль незведанага болю.
Але болю няма, і я асцярожна расплюшчваю вочы. Не, ядавіта-зялёны мутант не прымроіўся мне. Больш за тое: перада мною мо дзясяткі два такіх цацак-вырадкаў з агіднымі вушамі-лейкамі.
– Дзяўчынка (гэта я дзяўчынка?), табе блага? – ружовашчокі твар з сінімі, бы майскае неба, вачыма набліжаецца да майго, відаць, спалатнелага твару.
– Дзякуй, усё нармальна, – з палёгкай уздыхаю я і ківаю на зялёных “мутантаў”: – Гэта што ў вас за страшылкі такія?
– Ну, дзяўчынка (зноў “дзяўчынка”!), ты мяне здзіўляеш! Гэта ж шрэкі! Я імі ўжо амаль два гады гандлюю, бо яны з моды не выходзяць. Калі ў цябе ёсць малыя брацік ці сястрычка, купі ім шрэка. Вось убачыш – ім спадабаецца.
– Не, штосці не хочацца мне мець у сваім доме такую цацку.
– А давайце я вам дапамагу выбраць што-небудзь вартае, – чуецца крыху гуллівы мужчынскі голас. – У мяне якраз і час вольны ёсць, – начышчаныя да бляску шыкоўныя чаравікі топчуцца ля мяне.
Я моўчкі кіруюся да прадаўца сабачак, што стаіць насупраць. “Чаравікі” сунуцца следам і штосьці гавораць, гавораць…Я адзначаю сабе, што ў дадатак да сваіх шматлікіх хібаў мужчыны яшчэ і псіхолагі “ніякія”: няўжо “чаравікі” не бачаць, што ў маім выпадку ніякія захады не могуць мець поспеху? Ні мужчынскія чаравікі, ні гаспадары не цікавяць мяне. Не падумайце, што я якая-небудзь сучасная амазонка і што я ганаруся сваёй абыякавасцю да мужчын і да кахання ўвогуле. Не, мне хочацца хацець быць каханай, хочацца хацець кахаць, але я не магу і не ўмею гэтага хацець. Я страціла адно з асноўных жаночых жаданняў, і не ведаю, змагу калі-небудзь яго ўваскрасіць ці так і застануся “інвалідам жыцця”.
Маім першым мужчынам стаў шафёр-дальнябойшчык. Бачыла я яго ўсяго адзін раз, але наўрад ці ўдасца мне хоць калі-небудзь сцерці з памяці немалады, у фіялетавых пражылках твар, мітуслівы позірк мутна-шэрых вачэй і парослыя рудой поўсцю рукі, што пажадліва абмацвалі мяне. Я не крычала і не супраціўлялася, бо гэта было б смешна і недарэчна: ён жа не гвалціў мяне – я сама назвала цану за часовае карыстанне маім здранцвелым ад жудаснага страху целам.
Мой першы мужчына, відаць, вельмі спяшаўся, бо нават не заўважыў (а можа, не захацеў заўважыць), што ён – першы.
Потым у мяне пачалася істэрыка, і мая “напарніца” Ірына біла мяне па шчоках, а калі ўсё зразумела, плакала разам са мною, прасіла ў мяне прабачэння – хаця гэта я павінна была прасіць у яе прабачэння! – і раз-пораз паўтарала: “Танечка, мілая, я ж не ведала, што ты ў свае дзевятнаццаць… І яны не ведалі. Калі б ведалі, можа, пашкадавалі б.
Яны пашкадавалі б! Быццам Ірына сама не бачыла, як гэтыя нелюдзі шкадуюць нас!
У той дзень я паклялася, што знайду таго, з чые ласкі мы трапілі сюды. Знайду і “аддзячу”. І маю “падзяку” ён будзе памятаць усё сваё мярзотнае жыццё.
***
У дыскатэчнай зале, перапоўненай п’янаватымі і зусім п’янымі падлеткамі, я адчувала сябе, мякка кажучы, няўтульна. Сто гадоў патрэбна была б мне гэтая дыскатэка, калі б не Наташа, мая сястрычка-васьмікласніца, якая з нядаўняй пары падманам (“… я да Светы, ля камп’ютэра пасядзець”) збягала на гэтыя “танцы”.У мінулую суботу яна прыйшла дадому апоўначы і – самае жахлівае! – ці то на падпітку, ці то ачмурэлая ад якіх-небудзь “экстэзі”.
Я неахвотна і зусім не ў такт аглушальнай музыцы перабірала нагамі і раз-пораз пазірала на дзверы. Наташы не было. Мо хітраванка здагадалася пра мой намер заспець яе “на месцы злачынства”, а мо хто з сябровак, убачыўшы мяне, патэлефанаваў ёй.
Баюся я за яе. У нашым пасёлку ёсць чаго баяцца. Не, бандытаў тут, дзякуй Богу, няма, але ёсць страшнейшае – СНІД. Наш Вілейскі нібы пракляў хто. Звычайны рабочы пасёлак, а так званых “сніданосцаў” нашмат больш, чым дзе ў раёне. І хто яны, мы не ведаем. Хіба толькі як памрэ каторы (за гэты год двое памерла), тады перастае быць сакрэтам, што ён “з тых”. А так… Ходзім, дыхаем адным з імі паветрам, запэўніваем сябе, што “пры бытавых адносінах гэта небяспекі не ўяўляе, інакш усіх хворых на СНІД трымалі б за калючым дротам”. Суцяшаем сябе, а ў глыбіні свядомасці агіда і страх, страх і агіда.
Некалі я вельмі любіла свой пасёлак – спакойны, чысты, летам увесь у зеляніне. За ваколіцай бліскучае люстэрка возера, аздобленае срабрыса-зялёнымі карункамі вербалозу. І – лясы, лясы… Для мяне, зацятай аматаркі “ціхага палявання” гэта як дарунак лёсу. Як толькі маладыя бярозкі, што растуць пад акном нашага дома, пачынаюць цешыць вока сваім яшчэ празрыстым нясмела-зялёным уборам, я са светлай радасцю, якую можна параўнаць хіба што з радасцю першага спаткання, бягу па даўно закінутай утравелай вузкакалейцы па майскія грыбы. Майскія, ці як іх па-навуковаму называюць, георгіеўскія грыбы, пахкія, крамяныя, колеру адтопленага малака – гэта самыя першыя з грыбоў “нармальных” ( розныя там смарчкі-страчкі я і пад увагу браць не хачу). А пройдзе два-тры тыдні, і ярка-аранжавымі ліхтарыкамі загарацца ў прысадах і на ўзлесках прыгажуны падасінавікі ды павысоўваюць з высокай травы матавыя светла-карычневыя шапачкі сціплыя падбярозавікі. А там чарга і за галоўным грыбным дзівам – баравікамі-чарнагаловікамі, якіх ва ўраджайную восень на Зялёнай Горцы процьма. Я ўжо не кажу пра ягады: суніцы, ажына, маліна, чарніцы, чорная рабіна…
Не, ніколі не ўзнікала ў мяне жадання з’ехаць адсюль, таму пасля заканчэння каледжа я вярнулася ў Вілейскі і ўжо другі год працую ў бібліятэцы. Праца мая мне падабаецца. Я сама вельмі люблю чытаць і кожнаму, хто прыходзіць у бібліятэку, дапамагаю выбраць кніжку па густу і, калі чытач гаворыць, што кніга яму спадабалася, я радуюся нібы я сама аўтар упадабанага чытачом твора. Мне хацелася б пайсці вучыцца далей, але нас у маці трое. Так, у маці. Бацька наш не здабытчык і не памочнік. Можа, маці пакінула б яго, але нашу двухпакаёвую кватэру на дзве аднапакаёўкі без даплаты не размяняеш. А дзе яе ўзяць, тую даплату? Няма дзе. Бедната мы, бедната…
Неўзабаве я зразумела, што чаканне маё марнае, скіравалася да дзвярэй і твар у твар сутыкнулася з маладым, даволі прыстойнага выгляду мужчынам.
– Прабачце, – сказаў ён, саступаючы мне дарогу.
Я зірнула на яго і, уявіўшы, як ён у сваім строгім цёмным касцюме, белай сарочцы і гальштуку будзе выглядаць сярод галапупай, ускудлачанай дыскатэчнай публікі, ледзьве стрымалася, каб не засмяяцца. Мужчына здзіўлена ўзняў бровы. Збянтэжаная, я прамармытала “гэта вы прабачце” і паімкнулася да выхаду, але ён спыніў мяне:
– Скажыце, калі ласка, у вас тут заўжды такі кантынгент?
– Які – “такі”? – перапытала я.
– Ну, так бы мовіць, празмерна юны.
Я, незадаволеная тым, што мне не ўдалося выкрыць сястру-падманшчыцу, не зусім ветліва прамовіла:
– Калі вас цікавіць больш сталы, як вы сказалі, “кантынгент”, то схадзіце ў дом састарэлых. Ён, дарэчы, тут недалёка, у Бараўцах. Там па выхадных таксама бываюць дыскатэкі.
– Вам хтосьці сапсаваў настрой? – прыязна ўсміхнуўся мужчына.
Я паглядзела на яго больш уважліва. Сімпатычны, акуратна паголены і, здаецца, хоча пазнаёміцца. Мне гэта палесціла, бо ад празмернай мужчынскай увагі я не пакутавала. Хутчэй наадварот – мне яе гэтай увагі бракавала. Я ніяк не магу зразумець прычыны гэтых, так бы мовіць, халаднаватых адносін з боку прадстаўнікоў супрацьлеглага полу і, калі мне выпадае застацца дома адной, доўга і ўважліва разглядаю сябе ў люстэрку. Ну, здаецца ж, дзяўчына як дзяўчына: вялікія зеленавата-шэрыя вочы, выразна акрэсленыя вусны, густыя светла-русыя валасы і матавая без аніводнай плямінкі скура. Праўда, рост у мяне не мадэльны і пышнасцю формаў я не вызначаюся, але ж колькі наўкол такіх, як я, “тонкіх і звонкіх”, а кавалераў у кожнай з іх – гаць гаці!
На вуліцу мы вышлі разам. Вадзім – так зваўся мой новы знаёмы – сказаў, што на дыскатэку трапіў выпадкова: ехаў праз наш пасёлак у горад, спыніўся ля вячэрняга магазіна, каб купіць цыгарэт, пачуў музыку і зайшоў паглядзець, як весяліцца моладзь.
– Ну і як? – спыталася я.
– Ды як і паўсюль, – махнуў рукою Вадзім, – аднолькава, што ў горадзе, што ў вёсцы.
У наступныя нашы сустрэчы Вадзім шмат расказваў пра сваю работу ў турыстычным агенцтве, а аднойчы прапанаваў:
– Хочаш, я арганізую табе пуцёўку куды заўгодна, хоць у Эміраты.
“Ага, без Эміратаў мне, як без солі. Дзень і ноч толькі і думаю, як бы туды трапіць, бо іншых клопатаў не маю”, – хацела сказаць я, але спахапілася:
– Дзякуй, Вадзім, але не да падарожжаў мне.
– Матэрыяльныя праблемы? – пацікавіўся Вадзім.
– І гэта таксама, – неахвотна прызналася я і адчула, што чырванею. Добра, што на вуліцы ўжо цёмна было.
– Паслухай, – ён далікатна дакрануўся да майго пляча, – я магу дапамагчы табе.
Вырашыўшы, што Вадзім хоча прапанаваць мне грошы, і пакрыўдзілася:
– Не такая ўжо я і жабрачка, каб прымаць міласціну!
– Ты мне ўсё больш падабаешся, – засмяяўся Вадзім. – Люблю самадастатковых жанчын. Толькі ты не так зразумела мяне. Па-першае, беднасць не загага, і яе нема чаго саромецца. Грошы – і добрыя грошы – ты можаш зарабіць сама. Ну што ты маеш у сваёй бібліятэцы? Мізэр. Сядзіш там адна сярод сваіх кніжак ды чытачоў чакаеш, як дарагіх гасцей. А чытачоў усё меней і меней. Добра яшчэ, што замуж не выскачыла за якога-небудзь мясцовага алкаша.
– Ну, гэта ўжо ніколі! – загарачылася я. – Досыць наглядзелася я на свайго бацьку.
– Ты паслухай мяне, – перапыніў Вадзім. – Ты ж ведаеш, дзе я працую. А па турыстычнай пуцёўцы не толькі ў адпачынак ездзяць, а і на заробкі. Тут, праўда, адна невялічкая загвоздка ёсць. Але для мяне гэта дробязь. Лепш за ўсё ехаць у Польшчу. Можна, напрыклад, працаваць на аптовым рынку, як мая сястра Марына. Яна ўжо двойчы ездзіла. Дарэчы, яна са сваёй сяброўкаю зноў туды збіраецца. У гэты раз я сам адвязу іх, бо ў мяне ў Тэрэспалі якраз адна важная справа ёсць. Калі захочаш, можаш паехаць з намі. А каб ты не сумнявалася, я пазнаёмлю цябе з Марынаю, яна табе ўсё больш падрабязна раскажа.
Крыху памаўчаўшы, ён схіліў галаву набок і кіўнуў на мяне знарочыста загадкавы позірк:
– А потым можна падумаць пра будучае. Дзяўчына ты, відаць, надзейная, не тое што цяперашнія верціхвосткі.
Спачатку я сур’ёзна не прыняла ні Вадзімавага даволі празрыстага намёку пра будучае (трэба разумець, наша з ім агульнае), ні ягоных слоў пра фантастычныя замежныя заробкі. Па-першае, я яшчэ ні з чыім будучым сваё будучае абагульняць не збіралася. Па-другое, я немабільны чалавек. Дарога мяне вельмі стамляе, шматлюддзе і мітусня раздражняюць. Ну дамашняя я, і нічога з гэтым не зробіш.
Але аднойчы да мяне, што называецца, “падступіла”.
У той дзень маці пакінула на палічцы ля тэлефона кашалёк з грашыма, і татачка наш не прамінуў пакарыстацца такім выпадкам: выграб з кашалька ўсё змесціва і выправіўся “наталяцца вомегай”.
Я зазірнула ў лядоўню: два яйкі, паўпачка маргарыну, бляшанка кансерваў… Што ж, не ўпершыню. Насмажу бульбы. Агуркі ёсць, капуста – таксама.
Я абірала бульбу і ў думках час ад часу звярталася да размовы з Вадзімам. “Беднасць не загана, і яе не трэба саромецца”. Беднасць не загана? Так, не загана, але ж, пагадзіцеся, і не вартасць. А ўвогуле паняцце “беднасць” несуадноснае з такімі, як “загана” і “вартасць”. А вось з такім паняццем, як “бяда” не толькі суадноснае, але і тоеснае. Вось былі б зараз у нашай сям’і грошы, мы б Наташцы камп’ютэр купілі, і яна меней бы па гэтых дыскатэках бегала. А яму, бацьку так званаму, аднапакаёўку прыдбалі б. Хай бы там піў хоць заліўся. А сабе? Сабе я перш за ўсё купіла б… шмат чаго!
Ад размеркавання віртуальных грошай мяне адцягнуў тэлефонны званок:
– Дзень добры! Хай заўжды ён будзе добры для цябе!
Бадзёрасць Вадзімавага голаса падалася мне штучнай, але я дала выгляд, што не заўважыла гэтага:
– І табе таго ж, толькі ў сто разоў болей.
– Ну, як наконт маёй прапановы? Я таму пытаюся, што праз пяць дзён мы з Марынаю ад’язджаем. Так што думай.
А можа, паспрабаваць? Ну ездзяць жа іншыя, не баяцца. Вунь хоць бы Іра Барсукова. За год працы ў замежжы на аднапакаёўку зарабіла. Вось прыедзе на выхадныя да маці, схаджу, пагавару з ёй, параюся.
– Не ведаю, што табе і сказаць, – паціснула плячыма Іра, калі я паведаміла ёй пра свой намер. – Я ж са сваёй вышэйшай адукацыяй там звычайнай пакаёўкаю ў адной багатай сям’і працавала. Быццам і работы няшмат было, і ежы якой заўгодна хапала, і плацілі шчодра. Але ставіліся да мяне так, быццам я не чалавек, а побытавая рэч: ні слова добрага, ні ўсмешкі. Гаспадар пры мне ў чым маці нарадзіла мог хадзіць, а гаспадыня – паскудніца такая! – інтымнай гігіенаю займацца. Іншым разам хацелася чым-небудзь шпурнуць у іхнія сытыя твары. Ледзьве адпрацавала я ўмоўлены тэрмін. Больш не хачу такіх заробкаў.
– Але ж ты была ў Грэцыі. Ды яшчэ, прабач, служкаю, а мне прапануюць Польшчу. І працаваць на рынку.
– Ну пра Польшчу яшчэ можна падумаць. Гэта амаль такая ж краіна, як і наша “Бульбашыя”. Нездарма кажуць, што Польшча – не замежжа, – уголас разважала Ірына. – Калі б я ведала, што ўсё будзе так, як табе абяцаюць, то, можа, і я наважылася б. Нас жа зноў у вымушаны водпуск адправілі. Кажуць, перабоі з сыравінай.
– А давай я патэлефаную Вадзіму, каб пазнаёміў нас са сваёй сястрою. У той ужо ёсць вопыт.
… Марына сустрэла нас на парозе сваёй уласнай кватэры, прасторнай, абстаўленай шыкоўнай мэбляю. І сама яна выглядала шыкоўна: модная, аліўкавага колеру сукенка, пышныя ільняныя валасы, чаравікі на высокіх абцасах. Вось толькі золата яна начапляла на сябе занадта ж многа: на шыі ажно тры ланцужкі, адзін з якіх з вялікім медальёнам, масіўныя завушніцы, пярсцёнкі ці не на кожным пальцы.
Марына, відаць, па-свойму зразумела мой уважлівы позірк:
– Усе гэтыя цацкі я прывезла з Польшчы. Там золата вельмі таннае. Дарэчы, і на гэтым таксама можна добра зарабіць. Але што мы стаім? Праходзьце, будзем піць каву.
Ніяк не магу зразумець, адкуль гэтае недарэчнае адчуванне: гарачы чад нудным накіпам клубіцца ў грудзях, хвалюе жальбой па нечаму? Па чым жа? Што мне трэба? Усё ж ужо вырашана.
***
Я, Іра, Марына і яе сяброўка Святлана сядзім у салоне Вадзімавага мікрааўтобуса. Цёпла, утульна, гучыць ціхая музыка. Наконт жылля і работы Вадзім ужо дамовіўся ў тым жа Тэрэспалі, дзе яго чакае нейкая неадкладная справа. Ну, здаецца ж, усё як мае быць! Чаму ж ніяк не хочуць адступіць ад мяне трывогі-сумненні?
З роздуму мяне выводзіць Святланін голас:
– Ой, дзяўчаты, ды тут жа ўсё як у нас! Можа, і заробкі такія ж? Ці не дарэмна мы прыехалі сюды?
І праўда, калі б мы дакладна не ведалі, дзе мы, то і не падумалі б, што гэта чужая краіна. За акном аўтобуса знаёмыя краявіды: вунь трактар, вунь жывёлагадоўчая ферма, за ёй рунее поле. Вось пасёлак з двухпавярховымі катэджамі, за агароджамі якіх ужо цвітуць жоўтыя і белыя нарцысы.
І тут, у доме, куды нас прывёз Вадзім, усё амаль так, як і ў нас: камбінаваная і звычайная шафа з антрэсолямі, канапы, дываны на падлозе. Толькі ў пакоі, адведзеным нам, злева ад уваходу, усутыч да сцяны, светла-карычневы, пад колер падлогі, невысокі “пастамент”, як я ў думках назвала гэтае незразумелае збудаванне. Толькі потым, калі гаспадыня пані Ізабела, чымсьці незадаволеная, насупленая і буркатлівая жанчына сталага веку кінула на “пастамент” пасцельную бялізну, стала ясна, што “пастамент” – гэта своеасаблівы ложак. Такія “ложкі” ёсць у многіх польскіх кватэрах.
– Ну, вы, дзяўчаткі, тут уладкоўвайцеся, адпачывайце, – сказаў Вадзім. – Хутка прыйдзе ваш… – тут ён прыпыніўся, нібы шукаў патрэбнае слова, – менэджэр і растлумачыць, што і як. А я паеду вырашаць свае справы.
На развітанне ён неяк па-блазенску пакланіўся пані Ізабеле, памахаў нам рукою і няшчыра (а мо мне падалося?) усміхнуўся. Усім разам. На мяне ён нават не зірнуў.
– Ой, Вадзік, я ж забылася ў машыне свой парасон! – усклікнула Марына. – Пайду забяру. Заадно і правяду цябе.
Марына і Вадзім сышлі, а мы пачалі рапакоўваць свае сумкі і раскладаць рэчы ў шырокай, крыху старамоднай шафе.
Неўзабаве ў кватэры з’явіўся даволі высокі і хоць не старамодны, але амаль такі ж шырокі, як шафа, мужчына. Разам з ім прышлі дзве ярка размаляваныя дзяўчыны ў такіх караценькіх спадніцах, што спадніцамі іх можна было назваць толькі ўмоўна.
– Дзяўчаткі, а вам не халодна? – спыталася Іра. – Яшчэ ж не май месяц.
– Хутка сама ўведаеш, холадна ці горача, – адазвалася адна з іх, вастраносенькая, тоненькая, як пруток.
– А ну-ка, марш на сваё месца! – нечакана тонкім для свайго мажнага цела голасам крыкнуў мужчына. – І каб да раніцы я вас не бачыў!
Дзяўчаты імгненна схаваліся за дзвярыма суседняга пакоя, а “менэджэр” (гэта быў ён) павярнуўся да нас:
– Ну, паненкі, давайце знаёміцца. Мяне завуць Ян Янавіч. Цяпер я ваш гаспадар. Перш за ўсё давайце вашы пашпарты. Заўтра мне трэба здаць іх на рэгістрацыю.
– Нешта не падабаецца мне наш “менэджэр”, – прашаптала Святлана.
– Нічога, зараз прыйдзе Марына і ўсё высветлім, – таксама шэптам адказала я.
– Ой, нешта ж доўга яе няма! – спуджана прамовіла Іра. – Яна ж даўно павінна была вярнуцца. І дзе яе сумка? Ды яна ж без сумкі сюды зайшла!
– Што вы там шэпчацеся? – падазрона зірнуўшы на нас, сказаў “Ян Янавіч” і працягнуў руку з нягнуткімі тоўстымі пальцамі: – Я ж сказаў – пашпарты сюды! І мабільнікі таксама!
Я адчула, як сэрца маё забілася недзе высока-высока, ля самага горла, і, стрымліваючы дрыжыкі, прамовіла:
– Здаецца, ніякай Марыны нам не дачакацца.
– Ян Янавіч, а можа, мы самі аднясём свае пашпарты на рэгістрацыю? – яшчэ спадзеючыся на лепшае, нясмела спыталася Святлана. – Разам і горад паглядзім.
“Ян Янавіч” здзекліва засмяяўся. Святлана заплакала, а ўмомант зблажэлая Іра пачала пазіраць на дзверы.
– Зараз жа кіньце дурыць! Можна падумаць, вы не ведалі, куды едзеце! – голас “менэджэра” сарваўся на фальцэт: – Я не для таго за вас грошы плаціў, каб вы тут выпендрываліся.
– Але ж мы ехалі сюды працаваць! – скрозь плач выдыхнула Святлана. – Працаваць на рынку. Калі нельга на рынак, мы можам працаваць пакаёўкамі ці нянькамі.
– Дык вы і будзеце працаваць нянькамі, – заіржаў “Ян Янавіч”. – Хлопчыкаў будзеце няньчыць. І ўлагоджваць.
Забраўшы нашы пашпарты і мабільныя тэлефоны, ён націснуў кнопку свайго “Сіменса”, сказаў некалькі слоў па-польску, і ў кватэру тут жа ўвайшла крыху зменшаная копія “Яна Янавіча”. “Копія”, уладкаваўшыся ў крэсле, пагразіла нам пальцам і крыкнула:
– Пані Ізабела, накармі дзевак, і няхай яны кладуцца спаць!
Па-ранейшаму непрыветлівая пані Ізабела павяла нас на кухню. На стале стаялі талеркі з салатаю з капусты, бульбаю і яшчэ нейкай шэрай страваю. Гэта былі флякі, прасцей кажучы, рубцы. Гатуюцца флякі з пэўнай часткі страўніка жвачных жывёл. Мне асабіста флякі не падабаюцца, яны нават брыдкія мне. Менавіта таму я ў далейшым часта заставалася галоднай, бо флякі давалі нам па некалькі разоў на тыдзень.
– А дзе хлеб? – спыталася Святлана.
Пані Ізабела паглядзела на стол, застаўлены талеркамі, потым на нас:
– Яшчэ і хлеб? Вам што гэтага мала?!
Нам, звыклым да таго, што і першую, і другую страву ў нас ядуць з хлебам, было дзіўна з яе здзіўлення: хіба ж можна без хлеба?
Зрэшты, у той вечар нам было не да ежы.
Спалі мы ўтраіх у адным пакоі. Хаця якое там “спалі”? Хіба можна было заснуць?
– Але ж і павучыха гэтая Марына! – абуралася Святлана. – Так лоўка спляла сваю павуціну! І такімі чыстымі вачыма глядзела, калі расказвала свае казачкі! Вы заўважылі, якія прыгожыя ў яе вочы – вялікія, блакітныя! А яшчэ кажуць, што вочы – люстэрка душы!
– А яе брацік-прыгажун? Такая ж сволач, як і яна сама! – азвалася я. – Ды і ці брат ён ёй? Цяпер я вельмі і вельмі ў тым сумняваюся. І што цяпер з намі будзе?
– “Што будзе, што будзе?” – перадражніла мяне Іра. – Проста адвязуць нас у бардэль. Гэта ў лепшым выпадку.
– Ты так гаворыш, быццам можа быць яшчэ што-небудзь горшае, – уздыхнула я.
– Можа! – усклікнула Святлана і прыўзнялася на ложку. – На органы разбяруць! Я чытала, што цяпер спрэс такое робяць!
– Ціпун табе на язык! – раззлавалася я. – Начытаешся рознай брыдоты і мелеш аба што. Класіку чытаць трэба, а не бульварныя раманы.
– А я думаю, чаму гэта ты такая разумная? – не засталася ў даўгу Святлана. – Аказваецца, ад чытання класікі. Толькі як жа ты, разумніца, разам з намі, дурнымі, у такое уляпалася?
– Ды перастаньце вы, – перапыніла нас Іра. – Што будзе, тое і будзе. Я вось ляжу зараз і думаю: няхай вы зусім яшчэ маладыя, нідзе не былі, нічога не бачылі. А я? Пад трыццатнік падбіраецца, а розуму не нажыла. Ды што тут гаварыць! Давайце паспім хоць трохі.
Раніцаю, гадзін у сем, гаспадыня разбудзіла нас:
– Уставаць. Мыцца. Апранацца. Снедаць.
Устаўшы, мы ўбачылі, што ўсё наша адзенне некуды знікла. У шафе на вешалках віселі тры не вельмі новыя халаты: сіні, зялёны і аранжавы. Прышлося апранаць халаты.
Мы памыліся, потым разам з Надзяй і Рытаю – учарашнімі дзяўчатамі, якія аказаліся нашымі зямлячкамі – паснедалі.
Пасля снедання Надзя і Рыта апранулі свае віртуальныя спадніцы і сышлі, а мы ў аднолькава змрочным настроі пасунуліся ў “свой” пакой, куды неўзабаве зайшла пані Ізабела ў суправаджэнні белагаловага мужчыны гадоў сарака і маладой хударлявай жанчыны з рассыпанымі па плячах густымі, але непрыемнага “мышынага” колеру валасамі. Мужчына трымаў у руках дзве туга напакаваныя сумкі. Паставіўшы сумкі, ён пачаў бесцырымонна разглядаць нас. Мы ў сваю чаргу разглядзелі яго. Белымі ў мужчыны былі не толькі валасы. Белымі, як снег, былі і бровы, і вейкі. Увесь ён здаваўся вымачаным у воцаце.
“Альбінос, – адзначыла я ў думках. – Прынамсі, у жывёльным свеце такіх “беспігментных” асобін называюць альбіносамі”.
“Альбінос” і пані Ізабела сышлі, а жанчына ўсміхнулася нам шырокай белазубай усмешкаю і сказала:
– Я – Кшыся, ваша візажыстка і, скажам так, касцюмерша. Зараз, мілыя мае паненкі, – Кшысіна ўсмешка стала яшчэ шырэйшай, – мы падбярэм кожнай з вас убор.
Яна расшмаргнула “маланкі” на сумках, вываліла проста на падлогу пярэстую кучу адзення і пачала раскладаць яго на канапе. Уся вопратка: і сукенкі, і спадніцы, нават паліто і плашчы – была такой жа даўжыні, як Рыціны і Надзіны спадніцы.
Я ніколі прынцыпова не насіла “міні”, таму пачала пратэставаць:
– Я такое не апрану! Дайце мне джынсы ці нармальную сукенку! Ды і навошта нам чужое рыззе? Аддайце нам нашы рэчы! І скажыце, што тут адбываецца?
– І праўда, – загаманілі Іра са Святланай, – растлумачце, чаму нас тут трымаюць?
– І ўвогуле, выпусціце нас адсюль! – дадала я.
– Ах, выпусціць? – Кшысін голас заставаўся спакойным, нават палагоднеў, але твар пакрыўся чырвонымі плямамі, а вочы колеру жоўтай охры сталі падобнымі на два вялізныя гузікі.
“Якое негарманічнае спалучэнне – брудна-жоўтае і шэрае”, – падумала я, і ў той жа момант маю левую шчаку нібы варам апякло. Перад вачыма замітусіліся залацістыя мухі, і я цудам утрымалася на нагах. Першы раз у жыцці мяне ўдарылі! Дасюль ніхто і ніколі мяне нават пальцам не крануў. Нейкае імгненне я стаяла агаломшаная тым, што здарылася, а потым кінулася да “візажысткі” і ўхапіла яе за мышыныя патлы. Яна пранізліва заверашчала і ў той жа момант у пакой ускочыў Альбінос. Ён без асаблівых намаганняў адарваў мяне ад Кшысі і штурхануў так, што я адляцела да супрацьлеглай сцяны. Калі ж крыху апамяталася, убачыла што Іра ніцма ляжыць ля канапы, а Святлана, засланіўшы рукамі твар, сядзіць побач, і скрозь тонкія пальцы яе не па-вясковаму далікатных рук цякуць слёзы.
– Ну як, хопіць? – тым жа спакойным голасам спыталася Кшыся. – Ці мо каму дабаўкі трэба? Зараз жа абмывайце свае пысы і апранайцеся.
… Для мяне Кшыся выбрала, мабыць, самую кароткую сукенку.
Потым яна ўласнаручна наклала на нашы твары па-дзікунску яркі макіяж і, задаволена прамармытаўшы “добжэ”, крыкнула:
– Пан Вацлаў! Можаш забіраць.
Альбінос зайшоў у пакой, пакруціў на ўказальным пальцы бірульку з ключамі і бясколерным, як і сам, голасам сказаў:
– Проша, паненкі!
Мы ўслед за Альбіносам спускаліся па лесвіцы. Святлана ўслых лічыла прыступкі, а Іра моцна сціскала маю руку ў сваёй, чамусьці вельмі гарачай руцэ і з нянавісцю глядзела ў спіну Альбіноса.
На вуліцы нас чакаў чырвоны легкавік, у якім сядзеў яшчэ адзін мужчына ў насунутым на вочы капелюшы. Нас пасадзілі на задняе сядзенне.
– Так і ёсць: павязуць у бардэль, – прашаптала Іра.
– А я вось чытала, што туды адбіраюць высокіх, даўганогіх і грудастых. А мы… Якія з нас путаны? Можа, яны хочуць нас нас бясплатнымі падмятайламі на якую-небудзь сметніцу ўладкаваць. Вунь мы ўжо за горад выехалі.
– Ага, – насмешліва прамовіла я, – таму яны так апраналі ды расфарбоўвалі нас. Самая што ні на ёсць прыдатная для падмятайлаў уніформа. Не, даражэнькія, не з нашым шчасцем! Хутчэй за ўсё будзе так, як Іра гаварыла.
– Дык давайце думаць, як ратавацца будзем! – даволі гучна сказала Святлана
– Цішэй ты! – Ірына з асцярогай паглядзела на пярэдняе сядзенне.
– Ды гэта ж “пшэкі”! – адмахнулася Святлана. – Яны ж не разумеюць па-нашаму.
– Разумеем мы і па-вашаму, і па-нашаму, – раптам азваўся Альбінос. – Вось прыедзем на месца і пагаворым.
Нарэшце легкавік спыніўся на ўзбочыне трасы, да якой з абодвух бакоў падступаў сасновы лес. Справа – зона адпачынку з прыгожа размаляванымі альтанкамі.
– Вось тут, паненкі, ваш пост, – сказаў Альбінос. – Несці службу ваша змена будзе з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара. І не ўздумайце, як вы там шапталіся, “ратавацца”. Зловім – а мы вас абавязкова зловім – пашкадуеце! Ну, а цяпер пра галоўнае: пра вашу работу.
Тут Альбінос павярнуўся да свайго напарніка:
– Адам, давай паперу.
Маўклівы Адам (нямко ці што?) дастаў з папкі тры складзеныя ўдвая аркушы і аддаў іх нам. Я разгарнула ліст: “К – 50, А – 40, В – 30”.
– Запамінайце, – Альбінос прыжмурыў свае бялёсыя вочы, – гэта расцэнкі на вашы паслугі.
– Якія паслугі? – са страхам пазіраючы на сваю паперу спыталася Святлана (няўжо яна і сапраўды яшчэ на што-небудзь добрае спадзявалася – наіўнае стварэнне?). – І што гэта за літары: К, А, В?
– Ну, хопіць строіць з сябе недаразвітых правінцыялак! – засердаваў Альбінос. – Слухайце. “К” – секс класічны. Ну, гэта, калі вас… звычайным спосабам. Такая паслуга каштуе 50 злотых. “А” – секс аральны. Вам трэба тлумачыць, што такое аральны секс? Тлумачу: гэта калі вы будзеце рабіць кліенту вось так, – ён сабраў у курыную гузку свае тонкія бледныя вусны і брыдка зацмокаў.
Я сціснула кулакі так, што пазногці ўпіліся ў далоні. О, каб я магла што-небудзь зрабіць! Я прыдумала б для гэтай сволачы такое… Сярэднявяковыя інквізітары здрыгануліся б, пачуўшы, якую кару я вынайшла б для Альбіноса.
Альбінос, нібы адчуўшы, што адбываецца са мною, наблізіў да мяне свой твар і працягваў:
– А ёсць яшчэ так званы візуальны секс. Бываюць аматары паназіраць, як займаюцца гэтым іншыя. З такіх браць па 30 злотых, але ж мець вы будзеце з дваіх: з таго, хто вас… і з таго, хто глядзіць. Дзе працаваць, выбірае кліент. Захоча – у ягонай машыне, захоча – у нашым перасоўным інтым-салоне. Вунь там, крыху далей стаіць белы мікрааўтобус. Гэта ён і ёсць. Заробак увесь, да апошняга злотага, аддаваць мне ці вунь яму, Адаму. Даляры (калі будуць плаціць) таксама. Заначкі рабіць не раю. Здаецца ўсё. Вылазьце з машыны і займайце свае рабочыя месцы. З першым працоўным днём вас! Стойце! Ледзьве не забыўся. Вось вам “прэзікі”. Без іх – ані-ні! СНІД – не жартачкі.
Легкавік ад’ехаў. Мы засталіся на шашы. Міма амаль няспынна імчалі машыны. Мы стаялі і калаціліся ад холаду, страху і адчаю.
– Давайце пабяжым, – прапанавала я. – Будзем бегчы і крычаць “ратуйце”.
– І хто нас пачуе? – азвалася Іра. – Думаеш, мы каму-небудзь патрэбныя?
– Хто-небудзь пачуе! – заўпарцілася я і, замахаўшы рукамі прабягаючым машынам, закрычала: – Дапамажыце!
У тую ж хвіліну немаведама адкуль каля нас з’явіўся чырвоны легкавік. Абое – Альбінос і нямко – выскачылі з яго, пакідалі нас у салон і пачалі біць.
Білі нас і “дома”, у кватэры, куды сёння прывезлі яшчэ траіх, такіх, як мы, легкадумных дурніц. Яны яшчэ, відаць, не зразумелі, куды трапілі, бо глядзелі на нас, ускудлачаных, з размазаным па тварах макіяжам са страхам і неўразуменнем.
Вось гэтая прыгожая, светлавалосая і сінявокая, відаць, марыла пра кар’еру танцоўшчыцы ці мадэлі. Ды і астатнія на трасе стаяць не збіраліся.
Аднойчы вечарам у наш пакой прабраліся Рыта.
– Дзяўчаты, вы, відаць, спрабавалі ўцячы? – азіраючыся на дзверы, спыталася Рыта. – Нічога ў вас не атрымаецца. Яны ж назіраюць за намі. Па-першае, з мікрааўтобуса, дзе нам даводзіцца абслугоўваць кліентуру. Па-другое, яны цэлы дзень аб’язджаюць усе “пасты” паміж Тэрэспалем і Познанню. Ды і куды можна збегчы? Гэта ж табе не ў сваёй краіне. А тут ні сваякоў, ні знаёмых. Акрамя таго, мы “бадзягі бяспашпартныя”.
– Дык няўжо нічога нельга зрабіць?! – усклікнула Іра. – Павінна ж быць якое-небудзь выйсце!
Рыта сумна ўздыхнула:
– Вядома, павінна быць. Толькі мы з Надзяю паўгода ўжо шукаем таго выйсця, а знайсці не можам. У адным нам толькі пашанцавала – і то, хто яго ведае, можа, пакуль пашанцавала – што не прадалі нас ні туркам, ні якім-небудзь арабам.
– А што – і такое можа быць? – спужалася Святлана.
Рыта моўчкі кіўнула галавой.
– А як ты сюды трапіла? – спыталася Іра. – Таксама на лёгкія грошы ды таннае золата паквапілася?
– Таксама? – здзівілася Рыта. – Дык і вы… І ці не па знаёмству? Малады чалавек з турыстычнага агенства, імя якога…
– Вадзім! – закончыла я. – А яшчэ ў яго ёсць сястра, якую завуць Марына, і яна…
– Не, – перапыніла мяне Рыта. – Маладога чалавека звалі Віктарам, а ягоную сястру – Машаю.
– Скажы, а ты даўно іх ведала, гэтых самых Віктара ды Машу? – пацікавілася я.
– Ды з месяц мо. З Віктарам пазнаёмілася на дыскатэцы. Разоў колькі сустрэліся, і ён запрасіў да сябе, потым туды выпадкова зайшла Маша. Вось Маша мяне і ўгаварыла на гэтую паездку. І такую прывабную перспектыву абяцала! “За паўгода будзеш мець столькі, колькі тут за пяць гадоў не заробіш!” А пра таннае золата я нават слухаць стамілася.
– А якія яны з выгляду? – спыталася Святлана.
– У тым і справа, што выгляд у гэтых аферыстаў вельмі прыстойны. Віктар – высокі, стройны брунет, сімпатычны,вясёлы. І пахла ад яго вельмі дарагой парфумаю. А Маша? Прыгажуня! Натуральная бландзінка з сінімі вачыма. А што ўжо далікатная – хоць да раны прыкладай!
– Яны! – усклікнула я. – Вадзім і Марына!
– Ды яны такія ж Вадзім-Марына-Віктар-Маша, як я англійская каралева, – запэўніла нас Іра. – І тое, што яны не брат і сястра, а проста адна шайка-лейка, цяпер ясна, як дзень. Адно толькі няясна, што нам рабіць далей? Давайце думаць.
– А ты, Надзя, чаму маўчыш? – спыталася Ірына. – Мо, не можаш пазбыцца ілюзіі наконт Вадзіма-Віктара?
– Не, дзеўкі, – стомлена ўсміхнулася Надзя. – У мяне свая гісторыя. Я яе нават Рыце не расказвала, хоць мы з ёю тут ужо сёмы месяц пяклуемся.
Надзя абвяла нас позіркам сваіх не па-славянску раскосых вачэй з шэрымі, мармурова-мазаічнымі радужкамі і ўвабрала ў сябе паветра, быццам збіралася даць нырца.
Пазнаёмілася я з адным “жанацікам”. Мне тады сямнаццаць было, а яму – добра за трыццаць. Ён быў вельмі падобны на аднаго папулярнага кінаакцёра. І кавалерам быў далікатным: і паліто ў гардэробе падасць, і ручку сваю, калі з машыны выходзілі. Ну і, вядома ж, кветкі-цукеркі-шампанскае-рэстараны. Усё як вычайна бывае, калі мужык крытычнага ўзросту маладую дзяўчыну ўлагодзіць хоча. А што мяне ўлагоджваць? Першы ён у мяне быў ці што? Самае смешнае: ён спадзяваўся, што першы. У іх жа, самцоў юрлівых, вялікі попыт на чысціню. Дык вось, калі мы з ім у ложку пакуляліся, ён расчараваўся, надзьмуўся нават. Ну я яму на вушы навешала лапшы па класічнаму рэцэпту: я – ахвяра свайго айчыма, распусніка бруднага. Паклёпнічаць на айчыма мне ніколечкі не было сорамна, бо я не мела ні айчыма, ні роднага бацькі. Не, бацька, вядома, некалі быў, толькі я яго ніколі не бачыла і не ведала, хто ён. Сумняваюся, што і маці мая хоць прыблізна ведала, каму са сваіх шматлікіх “ухажораў” яна павінна быць удзячнай за маё з’яўленне на свет.
Максім (так зваўся мой “жанацік”) паспачуваў мне, “няшчасніцы”, і нават пярсцёнак падарыў, вельмі міленькі пярсцёнак. Ён мне так спадабаўся, што я яго амаль ніколі з пальца не здымала. Аднойчы зайшла ў кавярню кавы са сваімі ўлюбёнымі заварнымі пірожнымі папіць. Толькі прыладзілася за столікам – жанчына нейкая побач прымасцілася. Быццам іншага месца ў напалову пустой зале не знайшла. І хаця б дзеля прыліку дазволу папрасіла. Паднесла яна да вуснаў свій кубак, зірнула на мяне – і ледзьве не папярхнулася: твар пачырванеў, а ў вачах такое здзіўленне, быццам яна нешта надзвычайнае ўбачыла. Я збянтэжана пачала аглядаць сябе: мо ў адзенні непарадак які? А жанчына кубак свой з каваю, амаль не кранутаю, ад сябе адсунула і да мяне крок зрабіла.
– Прабачце, калі ласка, я даўно такі пярсцёнак, як у вас, прыдбаць хачу, але нідзе знайсці яго не магу. Можа б, вы свій мне прадалі? Я добра заплачу.
Я здзівілася: з-за нейкага зусім неадметнага пярсцёнка – тонкага абручыка з трыма бледна-ружовымі каменьчыкамі – такія эмоцыі?!. Але падумаўшы, што ў кожнага з нас свае “бзікі”, спакойна прамовіла:
П – На жаль, прадаць пярсцёнак я не магу, бо гэта падарунак ад вельмі блізкага чалавека. Але, калі хочаце, я спытаюся, дзе ён гэты пярсцёнак прыдбаў, і патэлефаную вам.
Р – Не-не, пакуль не трэба, – паспешліва прагаварыла жанчына. – я яшчэ ў адно месца зазірну. Калі ўжо там не будзе, я да вас звярнуся. Толькі нумар свайго тэлефона назавіце.
Жанчына сышла, а я, раз-пораз паціскаючы плячыма, яшчэ доўга дапівала непрыемна цёплую каву.
Дзіўная незнаёмка мне так і не патэлефанавала, і я неўзабаве забылася пра сустрэчу ў кавярні. І дарэмна забылася, бо незнаёмка была Максімавай жонкаю, у якой “любы муж” скраў той самы пярсцёнак, каб падараваць яго мне. А пярсцёнак быў не проста залаты, а рарытэтны. Ну, “благаверны”, вядома ж, добрую галавамойку атрымаў, а са мною, змяюкай падкалоднаю, жонка паабяцала разлічыцца. І разлічылася. Таму вы тут мяне бачыце. З яе ласкі я тут апынулася. Ёсць падазрэнні, што і “жанацік” мой тут руку прыклаў, каб выслужыцца перад жонкаю ды грэх свой замаліць. І што ж яны, гэтая “салодкая парачка” прыдумалі? Вы толькі паслухайце…
Але паслухаць нам не ўдалося, бо у пакой без стуку ўвайшла, а дакладней, уварвалася пані Ізабела. Перш за ўсё яна з крыкам выгнала Рыту з Надзяй, потым павярнулася да нас і скамандавала:
– Зараз жа спаць! Каб я і піску з вашага пакоя не чула, інакш паскарджуся каму трэба, і з вас зробяць адбіўныя! Загавор яны задумалі, нягодніцы!
***
І вось колькі ўжо часу мы “працуем”. А і сапраўдны – колькі? Тры месяцы! Няўжо толькі тры месяцы прайшло з таго дня, калі мы прыехалі сюды, шчаслівыя ўжо аднымі сваімі спадзяваннямі.
І вось усяго за тры месяцы ад нашых надзей засталіся толькі вартыя жалю аскалёпкі, а самі мы ператварыліся ў пакорлівых маўклівых рабынь. Але самае страшнае тое, што мы пачынаем прывыкаць да свайго становішча.
Мы даўно перасталі хаваць адна ад адной вочы, калі, абслужыўшы чарговага памазліўца, стаім у чаканні яшчэ аднаго. І яшчэ, і яшчэ… Паміж намі нават узнікае своеасаблівае спаборніцтва: хто больш? Нас цяпер не абураюць “гэтыя мярзотныя жывёліны мужчыны”, пераважную большасць якіх дома чакаюць верныя жонкі, дзеці, а некаторых і ўнукі. Яны, вядома ж, прывязуць жонкам падарункі, а дзецям ці ўнукам гасцінцы “ад зайчыка”, будуць з апетытам жэрці прыгатаваны жончынымі рукамі абед і класціся ў сямейныя ложкі, засланыя да іх прыезду свежай бялізнаю.
Для нас усе яны на адзін твар – маладыя і старыя, прыгожыя і брыдкія. Мы спаталяем іх паскудны юр і баімся, каб толькі не трапіўся які-небудзь садамазахіст. А яшчэ каб нас не абдурылі, як адзін нягоднік нядаўна абдурыў Іру, выкінуўшы яе з кабіны і нічога не заплаціўшы. Ніякія апраўданні не дапамагаюць, бо за ўсімі нашымі паслугамі заўжды сочыць хто-небудзь з “ахоўнікаў”-сутэнёраў.
Роўна ў пяць гадзін вечара нас вязуць назад. У трохпакаёвай кватэры дзяўчат ужо дзесяць. Сярод іх зноў новенькія. Той сінявокай прыгажуні, імя якой мы так і не ўведалі, тут ужо няма. Няма і двух яе сябровак. Відаць, для іх знайшлося больш прэстыжнае” месца чым траса: які-небудзь прытон у Турцыі ці ў Эміратах.
Учора хахлушцы Галі, круглатварай чарнавокай “пампушцы” нейкім цудам удалося ўцячы, і ў кватэры зноў гучаць пагрозы “Яна Янавіча” (цікава, якое сапраўднае імя ў гэтай хадзячай шафы з голасам кураняці?):
– Я вас, шалашоўкі, прымушу расказаць, хто дапамог ёй!
Мы нічога не ведаем. Прынамсі, ні я, ні Ірына, ні Святлана, бо Галя працавала на другой “кропцы”. Але б’юць усіх. А ў дадатак пазбаўляюць вячэры, не даюць нават чаю.
Назаўтра ж усіх нас паасобку прадалі новым сутэнёрам. Я трапіла ў Познань. Ні Іру, ні Святлану я больш ніколі не бачыла і не ведаю, як склаўся іхні лёс і ці жывыя яны ўвогуле.
Мой новы гаспадар – пан Станіслаў. У яго прыемная, нават інтэлігентная знешнасць, але ставіцца ён да нас яшчэ горш, чым “Ян Янавіч”. Хіба толькі корміць лепей. Але гэта клопат дбайнага гаспадара пра рабочую жывёлу. Пан Станіслаў і сам не грэбуе карыстацца інтымнымі паслугамі то адной, то другой сваёй рабыні. Можа, таму так часта возіць нас на ўрачэбны агляд.
Пан Станіслаў любіць жанчын паўнацелых, рослых. Я са сваёй фігураю дзяўчынкі-падлетка не абуджаю ў ім цялеснай прагі, таму ён ніводнага разу не выбраў мяне для сваіх алькоўных уцех. Мае “каляжанкі”, з тых, каго пан Станіслаў “ашчаслівіў” сваёй увагаю, зайздросцяць мне, бо гаспадар наш “той яшчэ вычварэнец”. Але пра гэта мы гаворым шэптам і з аглядкаю.
Цяпер я працую ноччу. Днём мы – а ў нашай “змене” васьмёра – па дзве на кожную з чатырох “кропак”. Днём наша “змена”: я, малдаванка Соня, мая зямлячка Тамара і ўкраінка Зоя і іншыя дзяўчаты – адсыпаемся, а з вечара заступаем на “дзяжурства”. Я цяпер у пары з Соняй. Тая, назіраючы мае пакуты, раіць:
– А ты пастарайся адключацца. Прыслухоўвайся да свайго цела і старайся атрымліваць асалоду. Я гэтаму ўжо навучылася.
Я з такім абурэннем гляджу на яе, што яна пераводзіць размову на іншае.
Дзіўная справа, нават нонсенс: большасць з нас, прастытутак (так, мы – прастытуткі, а хто і з якой прычыны стаў належаць да гэтых занядбаных грамадствам і ім жа запатрабаваных жанчын – не ўлічваецца) ненавідзець тых, каму прадае свае целы, і ў той жа час кожная, нават самая зацюканая і самая непрыгожая ўпотайкі спадзяецца, што аднойчы сярод гэтых юрлівых самцоў трапіцца сапраўдны рыцар, які спачатку пашкадуе, а потым пакахае моцна-моцна, на “ўсё жыццё”. Ну а яна, вядома ж, стане яму самай вернай жонкаю. Маўляў, нездарма ж ходзіць пагалоска, што самыя адданыя жонкі – былыя прастытуткі.
Такія спадзяванні здаюцца мне смешнымі, а пагалоска – несусветнай лухтою. І хутчэй за ўсё узнікла яна сярод тых (а такіх хапае), хто свядома абраў для сябе “самую старажытную прафесію”. Мэта? Знайсці апраўданне свайму ганебнаму занятку. Маўляў ён – своеасаблівая прафілактыка такой небяспечнай для сямейнага жыцця з’явы, як здрада.
У новага гаспадара мы працуем не толь кі на “кропках”. Даволі часта ён адсылае каго-небудзь з нас і па выкліку на дом.
– Уяўляеце, – абураецца Тамара, якую пад раніцу прывезлі ад аднаго з “дамашніх”, – я яму раблю, ну… гэта, а ён сядзіць у крэсле, глядзіць “відзік” і жарэ пячэнне, поскудзь такая!
– І ты вельмі пакрыўдзілася, што ён не пачаставаў пячэннем цябе, – іранізуе Соня.
– Ды пайшла ты са сваімі жартачкамі… сама ведаеш куды. – вяла адказвае Тамара і не распранаючыся падае ў ложак.
Зоя садзіцца побач, кранае Тамару за плячо:
О – Ну няўжо ты да гэтага часу не зразумела, што гэтыя асобіны, якія завуцца мужчынамі, свінні і нахабнікі. Нават тыя, што лічацца лепшымі, на самай справе нягоднікі. Можа, яны і самі ў тым невінаватыя. Проста яны прымітыўна сканструяваныя прыродаю. У іх няма ні сумлення, ні пачуцця адказнасці ні перад кім. Для іх няма нічога святога. Вось хоць бы кліенты” нашы. Хацелася б мне, каб іхнія жонкі (а большасць з гэтых памаўзліўцаў жанатыя) пабачылі, што іхнія каханыя-ненаглядныя вырабляюць з намі. Усе яны паскуднікі і вычварэнцы, і не варта псаваць сабе нервы з-за сустрэчы з чарговай асобінаю, тым больш што сустрэча была і першай, і апошняй. Давайце лепш думаць, як вырвацца адсюль.
– А скажы-ка ты, Зоя, – зноў пачынае свой амаль паўсядзённы маналог Соня, – чым наш занятак горшы за які-небудзь іншы?
Не люблю я гэтую Соню, цемнавалосую, з блудлівым позіркам вільготна-вішнёвых вачэй жанчыну.
А Соня працягвае:
– Не туды мы трапілі. А маглі б трапіць у які-небудзь цёпленькі куточак, дзе нас як след і кармілі, і апраналі ды яшчэ добрыя грошы плацілі б. Можа, вы не ведалі, куды едзеце, а я не толькі здагадвалася, а і ўпэўненая была, што путанаю тут буду, і ніколькі таго не баялася. Мяне мая родная маці з дванаццацігадовага ўзросту мужчынам прадавала. Ды к я аднойчы і падумала: а чаму я сама не магу мець тыя грошы, якія мая мамачка прапівае разам са сваімі чарговымі “мужамі”. А тут аб’яву ў газеце прачытала: “Патрабуюцца дзяўчаты для работы…” Канешне ж, я і не сумнявалася наконт зместу “работы”. Але ж не на трасе стаяць… Гэта амаль тое самае, што ў нізкапробным турэцкім бардэлі сядзець, а дакладней, ляжаць. Мне адна мая прыяцелька, якая цудам адтуль вырвалася, расказвала, што ім там апранацца нават не давалі. Пазаганялі ў нейкі будынак накшталт стайні і разбіты на пакойчыкі-пеналы, у якіх толькі ложак і змяшчаўся. Перагародкі паміж “пеналамі” зусім тонкія, фанерныя, відаць, а дзвярэй увогуле не было, толькі лгкія шторы. І вось любы “кліент” у любы момант мог адхінуць тыя шторы, каб агледзець “тавар”, прыцэніцца да яго і скарыстаць. А “тавар” павінен быў ляжаць у ложку ў чым маці нарадзіла і моўчкі выконваць усе пажаданні “кліента”. І так круглыя суткі з невялікімі перапынкамі. Так што тут у нас яшчэ Бог жыве.
– Проста нам крыху не пашанцавала. А той, каму пашанцавала, не сумеў як след гэтага ацаніць. Сядзець бы цяпер у цёплым ды добрым, ногі раскідаць ды паціху складаць грошыкі ў панчоху. А там, можа, які-небудзь “багаценькі Бураціна” знайшоўся б ды і забраў бы да сябе на ўтрыманне. І не трэба было б і ў дождж, і ў снег на абочыне стаяць ды мурзатых шафяруг улагоджваць. Праўда, Томачка?
– Ды адчапіся ты ад яе! – амаль крычыць Зоя. – Чалавеку і так блага.
Я заўважаю, што Тамарыны плечы трасуцца, і ціха пытаюся ў Зоі:
– Яна што – нядаўна тут? Гляджу, усё плача і плача.
– Тут месяцы два, – Зоін голас сціхае да шэпту. – Але ж да гэтага з паўгода ў бардэлі была ў Кракаве.Там закахалася ў аднаго казла са сваіх так званых пастаянных і, відаць, пачала конікі выкідваць. Яе і прадалі нашаму… Ай, Таня, у кожнай з нас свая гісторыя, толькі сённяшняе ва ўсіх аднолькавае. Давай адпачнем. Нам жа з табою сёння ў начную на праклятую “кропку”, хай бы яна агнём гарэла!
– Разам з нашай кліентураю, – дадаю я.
… Мы, вядома ж, тады і падумаць не маглі, што ўсяго праз некалькі гадзін “праклятая кропка” ў параўнанні з месцам, у якое мы трапім, падасца не такой ужо і праклятай.
Пад вечар у наш пакой зазірнуў адзін з “ахоўнікаў” – Альберт, ці як мы яго называем, Алік:
– Дзеўкі, тэрміновы выклік. Паедуць двое: Ты і ты (ён па чарзе тыцнуў пальцам у Зою і ў мяне).
Неўзабаве ён прывёз нас на ўскраіну горада. Машына спынілася перад невялічкім дамком, што бялеў у зеляніне сада. Насустрач нам выйшаў мужчына гадоў трыццаці пяці. Ён штосьці сказаў Аліку і падаў яму канверт. Алік паглядзеў у канверт, згодна кіўнуў і павярнуўся да нас:
– Да раніцы, паненкі. Вось вам мабільнік. Толькі ведайце, з яго можна патэлефанаваць на адзін нумар – мой. Калі закончыце сваю справу раней, паведаміце.
Два пакойчыкі, з якіх, калі не лічыць бакоўкі (відаць, кухні), складаўся ўвесь дом, уразілі нас сваёй недагледжанасцю: няпэўнага колеру фіранкі на вокнах, выцвілыя шпалеры, голая, без аніводнага ходніка падлога. З мэблі ў доме былі толькі два ссунутыя ў адно ложкі, стол і некалькі табурэтак.
– Зоя, ды гэта ж прытон нейкі, – разгублена прамовіла я. – Ты ж паглядзі, якое ўбоства.
– Нічога, Танечка, нам тут не век векаваць, – сяброўка старалася супакоіць мяне, хоць было відаць, што і сама яна пачувае сябе не лепшым чынам.
За акном пачуліся крокі і галасы, і ў дом зайшоў той, хто сустракаў нас, а за ім яшчэ адзін, два, тры… чацвёра мужчын: двое смуглявых чорнавалосых, падобных да цыганаў, два – бландзіны, адзін з якіх, даўгалыгі, доўганосы, з падцятымі вуснамі на шэрым прышчавым твары падаўся мне асабліва агідным.
Гаспадар, начапіўшы на твар гуллівую ўсмешку, паказаў на чорнавалосых:
– Шамсадзін. Рахмат.
Бландзіны свае імёны назвалі самі:
– Марцін.
– Валера.
Потым гаспадар тыцнуў пальцам сабе ў грудзіну:
– Іосіф.
– Валера, – яшчэ раз удакладніў прышчавы і аблапіў Зою.
Гаспадар пагразіў яму пальцам , гулліва прамовіўшы “Па чарзе, браткі”,прыабняў нас з Зояй за плечы, завёў у пакой, дзе стаялі ложкі, і загадаў распранацца.
Убачыўшы, што мы не вельмі спяшаемся выконваць ягоны загад, ён раззлаваўся і пачаў зрываць з нас адзенне.
Зоя закрычала:
– Мы не дамаўляліся на “групавуху”! Зараз жа выпусці нас адсюль!
– А з вамі, шлюхі, увогуле ніхто і ні пра што не дамаўляўся, – драпежна ашчэрыўся нахабнік і выцяў Зою па твары. Тая ўпала на ложак, а ён зверам накінуўся на яе. І тут я заўважыла, што акно, якое выходзіць у сад, прачынена. Не доўга думаючы, я скочыла на падаконнік і сіганула ўніз. Прызямлілася я добра: па-першае, было невысока, па-другое, зямля аказалася мяккай. Я падхапілася і з маланкавай хуткасцю паімчалася па вуліцы. Бегла, баючыся азірнуцца: мне здавалася, што за мной гоняцца і вось-вось дагоняць, і зноў завалакуць у брудную нару, з якой мне толькі што ўдалося вырвацца.
Калі я ўрэшце прыпынілася, каб перавесці дух, першай маёй думкаю была думка пра тое, што я магу ўвогуле не вяртацца да пана Станіслава, а паспрабаваць прыдумаць што-небудзь, каб уратавацца. Я пачала ўжо разважаць, якім чынам лепш ажыццявіць задуманае, але тут у галаве мільгнула: “А як жа Зоя?. Яна ж засталася з гэтымі вылюдкамі!”
Я ліхаманкава пачала абмацваць сябе. Мабільнік! Дзе мабільнік? Алік жа аддаў яго мне! Мабільніка не было. Можа, я згубіла яго. Можа, пакінула там. Што ж, трэба вяртацца “дадому”. Толькі як знайсці тую “дамоўку”?
Толькі пад раніцу я, знясіленая, напаўраздзетая ўрэшце дацягнулася да свайго “дома”. А недзе праз гадзіну Алік прывёз ушчэнт змучаную, ледзве жывую Зою…
На вуліцы ўжо глыбокая восень. Зою “зняў” нейкі лысы таўстун, і зараз яна “займаецца каханнем” у ягонай машыне. Толькі што міма на “бээмвэшцы” марудна праехаў наш “целаахоўнік” Алік. Пакуль ён з’ездзіць на суседнія “кропкі”, я паспею зайсці ў прыдарожнае кафэ, каб крыху сагрэцца. Заходжу і чую:
– Ну, это ты, Мишка, заливаешь! Вот приедем в Варшаву, я тебе это докажу.
Прабягаю вачыма па зале: вось яны, двое браточкаў-расіян, а можа, і беларусаў. Глушу ў сябе крык радасці і кіруюся да іхняга століка. Яны тлумачаць маю ўвагу па-свойму:
– Ну что, синеглазка (пад правым вокам у мяне сіняк – “падарунак” ад учарашняга капрызлівага кліента), спонсоров ищешь? – усміхаецца адзін з іх, ружавашчокі, коратка пастрыжаны здаравяк. – Мы бы с радостью, но, понимаешь ли, злотых нет. Ніц німа.
Я падыходжу бліжэй і ціха, амаль шэптам прашу:
– Родненькія мае, дапамажыце! Давязіце мяне да Варшавы. Мне трэба ў пасольства.
– Вот это сюрприз! Землячка! – крычыць другі, цёмнавалосы, з радзімкаю над верхняй губою.
– Да тише ты! – перабівае першы і да мяне, скарагаворкаю: – Иди к машине. Вон та, большая, напротив. А мы сейчас выйдем.
Я лячу на вуліцу. Толькі б паспець! Толькі б ліхая гадзіна не нанесла Аліка! У гэтую хвіліну я не думаю, хто яны, гэтыя двое: можа, бандыты ці маньякі якія, і можа, мяне чакае што-небудзь яшчэ больш жудаснае, што маю на сённяшні дзень. Галоўнае, яны свае. Толькі б паспець!
Не паспела… З цемры выплыла Алікава постаць.
– Ты гэта куды імчышся? – падазрона зірнуўшы на мяне, пытаецца Алік.
– Ды тут з кліентамі дамовілася, – радасным голасам адказваю я, хаця адчуванне такое, быццам за каўнер мне сыпанулі гарачага вуголля. – З двума адразу. Вунь іхняя машына. Ды вунь і яны ідуць ужо.
– Ну, ты малайчына, Танька, – хіхікае Алік. – З двума адразу! Хутка класнай прафесіяналкай станеш. Давай працуй, а я пайду кавы вып’ю.
Я махнула рукой (ідзі, не перашкаджай!), панадлівай хадою рушыла насустрач сваім патэнцыяльным збаўцам і гучна, каб чуў Алік, залапатала:
– Не пашкадуеце, хлопчыкі, я ўсё ўмею!
Уяўляю, які твар быў у Аліка, калі ён зразумеў, што яго “развялі” як лоха.
Усё, што змаглі зрабіць для мяне Міхась і Алег – мае нечаканыя збаўцы – гэта давезці да Варшавы, даць некалькі злотых “на цыгарэты” ды паабяцаць, што перашлюць маім родным спехам напісаную на лістку з блакнота запіску. Ну а ў хуткім часе я і сама прыеду.
У пасольстве мне далі дакумент, што часова замяняў пашпарт, і пажадалі шчаслівай дарогі.
– Але ў мяне няма грошай, каб даехаць дадому, – пачала я.
Пасольскі чыноўнік не даслухаў мяне:
– Извините, у нас пока нет такой статьи расхода. А раздавать свои деньги… Знаете, сколько вас сюда приходит? Почти каждый день по несколько человек.
Расчараваная, я выйшла на вуліцу і пасунулася сама не ведаючы куды. Ішла доўга, стамілася, прысела на лаўку ў нейкім скверы. Вышмаргнула з пачка цыгарэту, але ніяк не магла запаліць яе: рукі трэсліся, а з вачэй несупынна каціліся слёзы.
– Паненка, пачастуй цыгарэтай! – няўзорысты і, здаецца, п’янаваты мужчына ў расшпіленым паліто прысеў побач: – О, паненка плача? Хто яе пакрыўдзіў?
З польскай моваю ў мяне праблемы. Разумець – разумею (ды як не разумець, калі амаль восем месяцаў тут?), а гавару зусім слаба. Мне ўвогуле цяжка даюцца замежныя мовы, нават гэтая, ува многім падобная да маёй роднай.
– Дык хто паненку пакрыўдзіў? – не адставаў няпрошаны сусед.
– Галава мая дурная пакрыўдзіла, – уздыхнула я і, мяшаючы польскія, рускія і беларускія словы, нечакана для сябе расказала гэтаму чужому, не зусім цвярозаму чалавеку ўсё, што здарылася са мною.
Ён спачувальна пахітаў галавою і, крыху падумаўшы, прапанаваў:
– Хадзем да мяне.
Мне стала крыўдна: ды што ж гэта такое! Я столькі спавядалася перад гэтым смарчком, а ён – туды ж! Я паімкнулася ўстаць з лаўкі, але “смарчок” затрымаў мяне:
– Няхай паненка не баіцца. Я – Зэнек. Жыву не адзін, а з сястрою.
І я пайшла за ім, амаль не спадзеючыся на добрае.
Але і ў гэты – у другі раз запар! – лёс быў літасцівы да мяне. Некалькі дзён я адпачывала і адагравалася ў доме Зэнека і ягонай сястры Ванды. Ванда была ўдавою. Дзяцей яна не мела. Можа, таму так спагадліва паставілася да мяне, дваццацігадовай жанчыны са знешнасцю дзяўчынкі-падлетка. Але заседжвацца ў Зэнека і Ванды не было як. Жылі яны небагата. Зэнек атрымліваў нейкую ці то пенсію, ці то дапамогу па беспрацоўі, а Ванда гандлявала на мясцовым рынку “на гаспадара”. Я спыталася, ці не можа яна дапамагчы хоць на пару месяцаў уладкавацца на рынак і мне.
– Хачу зарабіць хоць якія грошы, каб не толькі білет купіць, але і што-небудзь дадому прывезці. Сорамна жабрачкаю туды з’яўляцца. Я ж на заробкі сюды ехала.
Ванда адказала:
– Абяцаць не абяцаю, але пастараюся што-небудзь прыдумаць.
Праз два дні яна павяла мяне на рынак. Мы спыніліся ля ралетаў, дзе гашдлявалі в’етнамцы. В’етнамцаў мне даводзілася бачыць і на нашым гарадскім рынку. Усе яны, маленькія, з мяне ростам, смуглатварыя з аднолькава вузкімі вачыма здаваліся мне падобнымі адзін да аднаго, як блізняты. “І як яны не пераблытаюць, хто з іх хто?” – кожны раз думала я, назіраючы за імі.
Ванда падвяла мяне да аднаго з “блізнят” і сказала:
– Знаёмся, Таня. Гэта Бон. Ён згадзіўся ўзяць цябе памочніцаю. Жыць будзеш у мяне, за кватэру платы я з цябе браць не буду, а на харч, на дарогу і на гасцінцы родным за месяц-другі ты тут заробіш.
Я стала працаваць у ралеце ў Бона: прадавала джынсы, спартыўныя касцюмы, красоўкі. Усе гэтыя рэчы былі не вельмі якасныя, але куплялі іх ахвотна, бо ў параўнанні з “фірмой” яны былі вельмі танныя.
Неўзабаве я пачала бачыць розніцу паміж “блізнятамі”. Не такія ўжо яны і падобныя. Вось, напрыклад, Мэн з суседняга ралета. Ён і ростам вышэйшы, і вочы ў яго больш выразныя. І ўвогуле, Мэн нічога сабе хлопец, не тое што недарэка Бон, які да таго ж аказаўся вельмі скнарлівым. Плаціў ён мне столькі, што хапала на харч ды на цыгарэты. Я пакуль маўчала, спадзявалася на ягонае сумленне. Але аднойчы Бон папрасіў мяне дапамагчы яму прынесці тавар са “склада” – невялічкай будачкі ў канцы рынка, і калі мы зайшлі ў “склад”, Бон узяў дзверы на ключ і пачаў лапаць мяне, стараючыся паваліць на мяшкі, што ляжалі на падлозе. Я вырвалася, адпіхнула яго і, сказаўшы, што калі ён яшчэ хоць раз дакранецца да мяне, я наб’ю яму морду і сыду.І ўвогуле за такія грошы працаваць я больш не збіраюся.
Назаўтра Бон з усяе сілы рабіў выгляд, быццам паміж намі нічога такога не адбылося, але ўсё роўна было відаць, што ён вельмі пакрыўджаны: як жа, ім, гаспадаром, пагрэбавалі! І хто? Валацужка нейкая! А тут я яшчэ прыгледзела, на рынку, недарагі світэр і папрасіла ў яго грошай “ у лік зарплаты”. У адказ на маю просьбу Бон зрабіў непрыстойны жэст і засмяяўся.
Тут здарылася для мяне нечаканае: Мэн, які гандляваў побач, падбег да мяне, схапіў за руку і, пагразіўшы свайму суайчынніку кулаком, павёў мяне да свайго ралета. Бон нешта абурана залапатаў, але з месца не зрушыўся.
Увечары мы з Мэнам пайшлі да Ванды і Зэнека, каб узяць што-кольвечы з нешматлікіх маіх рэчаў. Ванда шэптам, каб не пачуў мой “нягеглы кавалер”, паспрабавала ўпрасіць не сыходзіць, але я сказала:
– Вялікі дзякуй, пані Ванда. Не магу я вам больш дакучаць. Бон нічога не заплаціў мне, таму давядзецца яшчэ затрымацца. Я ж вам сказала, што з пустымі рукамі вяртацца на радзіму не хачу.
Ванда ўздыхнула:
– Ой, глядзі, Таня, калі што якое – прыходзь.
– Ды я і так буду заходзіць да вас, – сказала я перш чым развітацца.
Мэн прывёў мяне ў кватэру, якую здымаў разам са сваім сябрам, які цяпер з’ехаў ажно на тры месяцы на сваю радзіму. Мэблі ў кватэры было мала: стол, некалькі крэслаў, невялічкая канапа і ложак-пастамент. Мы павячэралі халоднай рыбаю з рысам, выпілі па кубачку гарбаты. Мэн сам памыў посуд і будзённа, быццам паміж намі ўжо ўсё даўно вырашана, сказаў:
– Ты будзеш маёй жонкаю. Пойдзем класціся спаць.
Нельга сказаць, што ягоныя словы здзівілі мяне: Мэну было вядома, чым мне зусім нядаўна даводзілася займацца (сама расказала, ніхто мяне за язык не цягнуў, і ўсё ж на душы стала пагана. “Ты будзеш маёй жонкаю!” А ў мяне ты спытаўся? Ды я, можа, пасля ўсяго не толькі тваёй, але і нічыёй жонкаю ніколі быць не захачу!
Але калі пасцеля была засланая, я пакорліва легла на спіну і заціхла ў напружаным чаканні. А, што ўжо тут гаварыць! Адным меней, адным болей…
У адрозненне ад папярэдніх маіх… (ну, не ведаю, як бы мякчэй іх назваць – партнёраў ці што?), якія груба карысталіся мною, а потым адкідалі ўбок, як дакучлівую непатрэбшчыну, гэты быў са мною далікатным і нават пяшчотным. І ў нейкі момант мне падумалася: “А можа, і сапраўды, як раіла мне некалі Соня, расслабіцца і атрымліваць асалоду?”
Я моцна-моцна заплюшчыла вочы і пастаралася адчуць яе, тую самую асалоду. Яе не было. Было толькі чужое дыханне і сутаргавае торганне вільготнага ад поту і таксама чужога цела. Розум супраціўляўся майму гвалту над ім. І я адступіла. Я выключылася з рэальнасці і пачала ўваскрашаць у памяці самае добрае і светлае. Усё добрае і светлае было ў мінулым. Райскім куточкам бачыўся мне непрываблівы некалі мой далёкі цяпер пасёлак Вілейскі. Прыгожымі і роднымі здаваліся ўсе яго насельнікі, нават бабулі-пляткаркі, што цэлымі днямі сядзелі на лаўках і адным сваім выглядам псавалі мне настрой.
Мэн, вядома ж, не заўважаў майго стану. Атрымаўшы сваё, ён, нібы разбухлая ад крыві п’яўка, адпаў ад мяне і тут жа нечакана гучна для свайго кволага цела захроп.
Прайшоў месяц, а Мэн пакуль не заплаціў мне ніводнага злотага ды, відаць, і не збіраўся плаціць.
У той вечар ён сядзеў за сталом, падлічваў дзённую выручку і складаў грошы ў барсетку. Я з рашучым выглядам падышла да яго:
– Мэн, мне патрэбны грошы.
Ён узняў галаву:
– Навошта табе грошы? У цябе ёсць дзе жыць, ёсць ува што апранацца, пра ежу таксама не трэба клапаціцца. Ты ж мая жонка.
– Я не хачу і не буду тваёй жонкаю. Мне трэба ехаць дадому. Ты чуеш: да-до-му! Я больш за месяц цэлымі днямі стаяла на рынку, прадавала тваё рыззе. Заплаці мне, вельмі прашу.
І тут заўжды спакойны і далікатны мой “муж” непрыгожа ашчэрыў буйныя жаўтаватыя зубы і крыкнуў:
– Ты не адпрацавала яшчэ тое, што я заплаціў за цябе Бону! Ніякіх грошай ты не атрымаеш, шлюха!
Страшэнная, непадуладная розуму злосць апанавала ўсю маю істоту. Перад вачыма закрыўляліся, заскалілі зубы варожыя мужчынскія твары, нахабныя, пажадлівыя, ненавісныя… Не ўжо, больш ніхто і ніколі не будзе купляць-прадаваць мяне!
Я не памятаю, як у маіх руках апынулася табурэтка (на ёй жа толькі што сядзеў Мэн!) і з размаху апусціла яе на галаву Мэна. Ён упаў на падлогу і знежевіўся. Я спужалася, але толькі на адно імгненне. Нічога з ім, паскуднікам, не зробіцца. Ачомаецца.
У наступнае імгненне, прыціскаючы да грудзей “мужаву” барсетку з грашыма, я бегла па вуліцы, а праз колькі хвілін ужо сядзела ў таксі. На паўдарозе да вакзала спахапілася: я ж пакінула пасольскі дакумент у Ванды! А што, калі ні Ванды, ні Зэнека не будзе дома?!
Мне пашанцавала. Калі я ўварвалася да іх, Ванда і Зэнек збіраліся піць каву. Убачыўшы мяне, задыханую, у расшпіленым паліто, Ванда спужалася:
– Што з табою? Хто за табой гоніцца?
– Пакуль ніхто, – адказала я, а сама падумала, што Мэн, калі апамятаецца (а мо ўжо і апамятаўся), перш за ўсё кінецца шукаць мяне менавіта тут, у Ванды, адрас жа яе ён ведае.
Я забрала дакумент і астатнія свае рэчы, пацалавала Ванду, абняла Зэнека. Ля парога прыпынілася, дастала з барсеткі частку грошай і, не пералічваючы, паклала на тумбачку пад вешалкай.
***
Няўжо я дома?! Так, ужо тыдзень я дома, а ўсё ніяк не магу паверыць, што бярозка пад акном – гэта не сон, не міраж, а сапраўднасць і што па радыё і на вуліцы гучыць не абрыдлая шыпячая, а мая родная і (толькі цяпер я зразумела гэта) вельмі прыгожая мова. Нішто не магло сапсаваць майго святочнага настрою: ні празмерна цікаўныя позіркі суседзяў, ні іхні перашэпт за маёй спіною, ні бацькава п’яная буркатня, ні нават тое незразумелае, што з нядаўняй пары час ад часу рабілася са мною. А рабілася дзіўнае: мне раптам станавілася млосна, па ўсяму целу прабягала гарачая хваля і мяне пачынала нудзіць. Але звычайна доўжылася гэта ўсяго некалькі хвілін, а потым навакольнае зноў паўставала перада мною ў радасных фарбах.
– Нічога, – суцяшала я сябе, – гэта часовае, паслястрэсавае, відаць. Вось хутка атрымаю пашпарт, уладкуюся на працу, і ўсё стане на сваё месца.
__________
Тады я яшчэ не здагадвалася, што я ўжо не адна і што маё “паслястрэсавае” – гэта першыя звесткі пра новае жыццё, якое я нашу ў сабе, і якое стане маім болем і радасцю, шчымлівай трывогаю і горкім маім шчасцем…
__________
Рег.№ 0067593 от 17 июля 2012 в 19:01
Другие произведения автора:
Нет комментариев. Ваш будет первым!